Фільм. "ХРОНІКІ РТУЦІ" (2019) / Аляксандра Кулак.


З літаратурай усё проста. Бяры ды пішы. Раман, аповесць, апавяданне - усё, што заўгодна, былі б талент і крыху часу. Вядома, трэба яшчэ знайсці выдавецтва і надрукаваць свой твор, але нічога не перашкаджае творчаму працэсу. Нічога не паўстае паміж натхненнем і фізіялагічным задавальненнем ад апошняй кропкі. З музыкай цяжэй. Трэба купіць гітару альбо трамбон, трэба знайсці студыю, музыкаў і добрага прадзюсера - але ж і без трох апошніх умоваў можна ствараць музыку. Акорды вісяць на дрэвах. Было б жаданне. З кіно, на жаль, усё вельмі складана, бо тут мастак не належыць самому сабе. Не цалкам. Так, ёсць Мікіта Лаўрэцкі са сваім home-made кіно (пра якое гаворка пойдзе пазней), але ў большасці выпадкаў кіно - гэта спалучэнне людзей, грошай і збегу акалічнасцей. 

Таму з кіно ў нас цяжка. Асабліва з мастацкім, асабліва з якасным, асабліва з беларускамоўным. А сёння нават і з тым, што здымаецца ў Беларусі. З вышэйпералічанага фільм Аляксандры Кулак "Хронікі ртуці" адпавядае толькі адной умове: гэта выдатнае, сапраўды якаснае кіно. 

Фільм здымаўся ў Амерыцы, і распавядае пра закінутую частку Каліфорніі. Калісьці Новая Ідрыя была шахцёрскім гарадком, дзе здабывалі ртуць. Сёння (дзеянне фільма звязана з перыядам да і пасля выбрання Трампа, то бок з 2017 годам) насельніцтва Новай Ідрыі складаецца з двух чалавек, брата і сястры Кемп і Кейт Вудс. Калісьці Новая Ідрыя была горадам магчымасцяў, маленькім рухавіком амерыканскай мары. Сёння гэта горад-прывід, і мы сустракаем яго ў сумным, пакамечаным, занядбаным стане. Тым не менш, сярод пустэчы і неахайнай расліннасці па-ранейшаму тлее жыццё. Бо Кейт і Кемп жывуць - не існуюць, а менавіта жывуць. Яны бавяць час у Інтэрнэце, слухаюць джаз, заўзята размаўляюць пра космас, даглядаюць сабак і люта ненавідзяць рэспубліканцаў. 

Вось на гэтым супрацьпастаўленні змрочнага краявіда і нязгаснага жыцця і існуе гэты фільм. Ён трымае ў напружанні, у ім ёсць рух - і ў ім ёсць другі акт, павольны, эмацыйны і непазбежны. Гэта спалучэнне выдатнай працы рэжысёраў і прыцягальнай моцы характараў - тое, што галоўныя персанажы так зацягваюць не робячы, здаецца, нічога асаблівага. Ёсць у іх гэтая шчырасць, гэтая неўмяручая прага да жыцця, якое, дарэчы, паўстае тут у кожным кадры. Менавіта праз гэта я і абраў "Хронікі ртуці" для першага аповеду пра беларускае кіно. Бо калі казаць шчыра - то што ў ім беларускага (дарэчы, нават Кейт Вудс кажа пра Russkis са здымачнай групы)? Фільм на ангельскай мове, з субтытрамі на расейскай... І тым не менш - для мяне гэта фільм беларускай рэжысёркі. Я не бачыў яшчэ яе стужкі "Мара" пра падзеі 2020 года, але мне падаецца, што - свядома ці не - менавіта беларускі фон, з гэтымі страчанымі вёскамі і незагойнымі асяродкамі жыцця, дазволіў так дасканала і так дасціпна перадаць другі, і значна менш прывабны, бок амерыканскай мары.

Фільм зняты ў прыгожых, прыглушаных колерах - нібыта ў лёгкім тумане. Гэта не тая Каліфорнія, якая паўстае ў нашым уяўленні, калі мы думаем пра Галівуд ды Сан-Францыска. Але гэта таксама Каліфорнія - нават калі часам падаецца, што яна існуе ў нейкім паралельным сусвеце. Зразумела, што ў значнай ступені менавіта краявід сфармаваў Кейт і Кемпа Вудс - такіх сапраўдных і неідэальных. Тых, што не маюць дзяцей (бо як адважыцца нарадзіць дзяцей у гэты свет), вераць у НЛА (бо чаму не верыць) і шмат разважаюць пра смерць (бо яна паўсюль). Яны, дарэчы, і прыцягваюць нас сваёй неідэальнасцю і сваёй сапраўднасцю. А яшчы гэтымі вачыма, аднолькавымі і поўнымі нейкай змрочнай глыбіні.

Ртуць - гэта вадкі метал шэрага колеру. Ртуць, пара і злучэнні ртуці атрутныя. Назапашваюцца ў арганізме, пашкоджваюць нервовую сістэму і парушаюць абмен рэчываў. Ртуць - адзін з двух хімічных элементаў (і адзіны метал), простыя рэчывы якіх пры нармальных умовах знаходзяцца ў вадкім агрэгатным стане. У многіх краінах элементарная ртуць выкарыстоўваецца ў саматужнай і дробнамаштабнай здабычы золата. Ртуць змешваюць з золатазмяшчальнымі матэрыяламі, утвараючы ртутна-залатую амальгаму, якая затым награваецца, выпараючы ртуць, каб атрымаць золата. 

 

Popular Posts