Альбом за альбомам: COCTEAU TWINS
Cocteau Twins запісвалі музыку, якую адкрываеш позняй ноччу - загадкавую, меладычную, крыху казачную, тую, што ахутвае цябе і адбірае словы. Часам нават не разумееш, пра што спявае Элізабет Фрэйзер, але ці мае гэта нейкае значэнне? Песні кшталту "Lorelei" і "Cico Buff" не патрабуюць падрабязнай расшыфроўкі, каб захаваць свой неадольны гіпнатызм.
Гучанне Cocteau Twins складаецца з вынаходлівых гітарных карункаў Робіна Гатры ("Musette And Dreams" завяршаецца адным з самых уражальных гітарных сола, што мне даводзілася чуць), чароўным вакалам Элізабэт Фрэйзер (як увогуле можна апісаць тыя дзіўныя мадуляцыі?) і глыбокімі басавымі лініямі Саймана Рэйманда (прыслухайцеся, напрыклад, да "Cicely").
Адзін з самых непаўторных гуртоў у гісторыі. Яны стварылі ўласнае гучанне і трымаліся яго да канца свайго існавання. У іх не было адчувальных правалаў, а іх калекцыя міні-альбомаў Lullabies To Violaine павінна быць у кожнай больш-менш сур'ёзнай музычнай калекцыі. Гурт распаўся з-за ўнутраных супярэчнасцяў напрыканцы 90-х, пакінуўшы пасля сябе адну з самых моцных дыскаграфій у гісторыі. Cocteau Twins былі ўсім, што абяцала іх назва, і нават большым. Значна большым.
8. Four-Calendar Café (1993)
Як я ўжо казаў у кароткім уступе, Cocteau Twins не выпускалі слабых альбомаў. Тым не менш, падчас Four-Calendar Café яны згубілі частку сваёй ідэнтычнасці. Гэта наўрад ці магчыма заўважыць па першай песні, чароўнай, летуценнай "Know Who You Are At Every Age", якая без праблем магла б увайсці ў любы з класічных альбомаў гурта. Сярод іншых выдзяляюцца сінгл "Evangeline" і фінальная "Pur", якая нібыта прачынаецца ад сну пасля двух хвілін і вяртае энергію і раскошу мінулых альбомаў Cocteau Twins. Агулам жа, хоць я і люблю гэтае гучанне, альбом выглядае крыху разбаўленым і звычайным пасля Heaven Or Las Vegas.
Лепшая песня: "Know Who You Are At Every Age"
7. Milk And Kisses (1996)
Пасля адносна непрыкметнага Four-Calendar Café, апошні альбом гурта стаў прыемным, хоць і кароткачасовым, вяртаннем да былой формы. Вярнуліся ўнутраны рух і пэўная глыбіня ў мелодыях. Вядома, тут ужо няма геніяльнага дотыку, што пранізваў іх альбомы 80-х і пачатку 90-х, але асобныя ўспышкі па-ранейшаму засталіся. Напрыклад, гітара, якая праходзіць праз "Serpentskirt", або вакальныя партыі Ліз у "Seekers Who Are Lovers" - усё гэта месціць тую самую містычнасць, што была ў альбомах кшталту Treasure і Blue Bell Knoll. Акрамя двух знакамітых кампазіцый "Tishbite" і "Rilkean Heart", я асабліва люблю "Half-Gifts". Напэўна, яна гучала б як звычайны вальс, калі б яе запісаў любы іншы гурт.
Лепшая песня: "Rilkean Heart"
6. Garlands (1982)
Калі вы шукаеце ў дыскаграфіі Cocteau Twins альбом, дзе выразна адчуваюцца музычныя ўплывы часу, то гэта, безумоўна, іх дэбют. Хоць Garlands і гучыць даволі адметна, ён шмат чым абавязаны гатычнаму панку Siouxsie & The Banshees. Вы глядзіце на трывожную вокладку, заўважаеце назву першай песні ("Blood Bitch"), і амаль што прадугадваеце гучанне. Тым не менш, пад мелодыямі ўжо хаваецца шчыльная гукавая тэкстура, якая выклікае не тое захапленне, не тое трывогу. Гучанне яшчэ крыху няўпэўненае, аднак праз некалькі месяцаў гэта будзе выпраўлена. Сярод кампазіцый вылучаюцца "Wax And Wane", "Blind Dumb Deaf" і "Garlands".
Лепшая песня: "Wax And Wane"
5. Victorialand (1986)
Кожны альбом Cocteau Twins - гэта асобны свет, у якім можна заблукаць і згубіцца. Victorialand даводзіць гэтую ідэю да абсалютнай крайнасці. Часам, калі я слухаю гэты альбом, я апынаюся ў нейкай арганічнай, суцэльнай, ідэальна адбудаванай прасторы, дзе цяжка нават адрозніць адну песню ад другой. Тым не менш, песні цудоўныя - проста, магчыма, больш спакойныя і менш насычаныя яркімі "хукамі" (гэтыя моманты ёсць, але яны не такія заўважныя). Яны нагадваюць вокладку: нешта непаразумелае, але прывабнае, нават гіпнатычнае. Дарэчы, гэта быў не адзіны альбом, звязаны з Cocteau Twins, які выйшаў у 1986 годзе. Адбылася таксама цікавая супраца з амбіент-музыкам Гаральдам Бадам, The Moon And The Melodies.
Лепшая песня: "Lazy Calm" (магчыма, таму што яна ідзе першай)
4. Head Over Heels (1983)
Апошняя песня на Head Over Heels, "Musette And Drums", гучыць настолькі інтэнсіўна і настолькі магутна, што мая рэакцыя на яе амаль фізіялагічная. Дрыжыкі, слёзы, нервовы смех. Вядома, астатні альбом не можа параўнацца з адной з найлепшых кампазіцый у гісторыі музыкі, але прынамсі першая палова падаецца амаль бездакорнай. Калі Garlands яшчэ можна было абвінаваціць у пэўнай адсутнасці арыгінальнасці, то Head Over Heels гучыць цалкам унікальна. З пэўнымі агаворкамі можна было б сказаць, што тут ёсць і балады ("Sugar Hiccup"), і больш рокавыя кампазіцыі ("In My Angelhood"), але ў 1983 годзе гэта ўжо наўрад ці мела якое-небудзь значэнне. Музыка настолькі дзіўная і ідыясінкратычная, што цяжка разважаць пра яе ў звычайных кантэкстах.
Лепшая песня: "Musette And Drums"
3. Blue Bell Knoll (1988)
Наступныя тры альбомы - вяршыня творчасці гурта. Назва Blue Bell Knoll паходзіць ад старадаўняй брытанскай легенды, паводле якой смерць забярэ цябе ў той вусцішны момант, калі ты пачуеш гук "блакітнага звана". У адрозненне ад папярэдняга альбома, Blue Bell Knoll менш летаргічны і месціць шмат руху і энергіі. "Carolyn's Fingers" стала хітом у альтэрнатыўных чартах, і з'яўляецца добрым месцам, з якога лагічна было б пачаць знаёмства з дзіўным, цудоўным светам Cocteau Twins. Мелодыя і мноства вакальных "хукаў" робяць песню запамінальнай і чароўнай. Тое ж можна сказаць пра марыўную "Athol-brose" або дзіўны гімн "Ella Megalast Burls Forever" (о, гэтыя назвы!), які завяршае альбом.
Лепшая песня: "Carolyn's Fingers"
2. Heaven Or Las Vegas (1990)
Аддаваць перавагу Treasure перад Heaven Or Las Vegas - гэта прыкладна як выбіраць The Dreaming замест Hounds Of Love. Апошнія альбомы - больш дасканалыя і больш знакамітыя, але менавіта першыя маюць нешта дадатковае, нейкі містычны інгрэдыент, які ўзносіць іх на незнаёмыя вяршыні. Heaven Or Las Vegas - дасканалы альбом. Ён майстэрска скампанаваны і зведзены, у ім няма аніводнай выпадковай ноты. Я люблю яго да самай апошняй дэталі. Калі я слухаю "Cherry-Coloured Funk" або "Iceblink Luck", я пераношуся ў іншае вымярэнне з такой лёгкасцю, што гэта крыху палохае. Пасля некалькіх келіхаў віна часам кладзешся спаць і адчуваеш, як галава пачынае кружыцца. Гэта не вельмі прыемнае адчуванне. Тым не менш, калі гэта робяць Cocteau Twins, ты ніколі не хочаш выходзіць з гэтага стану.
Лепшая песня: "Iceblink Luck"
1. Treasure (1984)
Ад гіпнатычнага акустычнага рытму і анёльскага вакалу Ліз у "Ivo" да ўрачыстага хору і гукавой велічнасці "Donimo", слухаць гэты альбом - усё роўна што блукаць па зачараваным лесе і атрымліваць асалоду ад кожнай секунды. Я нават не ведаю, што яшчэ дадаць. Treasure - адзін з самых дзіўных і прыгожых альбомаў у музыцы.
Лепшая песня: "Lorelei"

